Minsk Anti Zoo. Red Mark — крэатыўны фота праект стылісткі Ганны Прышывалкі і творчай каманды (на жаль, імёны ўсіх стваральнікаў не раскрываюцца ў мэтах бяспекі). У праекце прынялі ўдзел акторкі Беларускага свабоднага тэатра, якія ўвасобілі вобразы беларускіх жанчын, што знаходзяцца ў няволі. Усе гераіні маюць рэальныя прататыпы людзей і аватары жывёл, розныя супер-здольнасці і тэрміны зняволення, а яшчэ кожная мае свой пазнавальны чырвоны адбітак — Red Mark.
“Падчас падзей 2020 года, калі ўжо пачалася хваля гэтых жудасных арыштаў, я трапіла з дзіцёнкам у наш мінскі заапарк. І стоячы там, гледзячы на жывёл, якія знаходзяцца ў клетках, у гэтых маленькіх „камерах„, на іх пакуты, сумныя і адчайныя позіркі, да мяне пачалі прыходзіць паралелі, якія і сталі асновай канцэпцыі праекта. Для мяне было важна выразіць увесь смутак і перажыванні, якія былі ў мяне ўнутры, і паказаць, наколькі бесчалавечна паступаюць улады, калі закрываюць людзей у клеткі толькі за тое, што яны хочуць жыць і гадаваць сваіх дзяцей у шчасці і атмасферы свабоды“, — гаворыць суаўтарка праекта Ганна Прышывалка.
У Беларусі за кратамі знаходзіцца вялікая колькасць ні ў чым не вінаватых людзей, вялікая колькасць жанчын. Яны, як і жывёлы ў заапарку, закрытыя ў клетках толькі таму, што не маюць магчымасці супрацьстаяць тым, хто іх туды змяшчае, за сваё ўласнае меркаванне, за тое, што маюць смеласць і дастаткова ўнутранай свабоды, каб яго выказаць. Яны безабаронныя і бездапаможныя перад фізічнай сілай і ўладай, якая ізалюе іх і пазбаўляе права выбару. Minsk Anti Zoo. Red Mark цалкам прысвечаны жанчынам у зняволенні. І гэта не выпадкова, бо жанчына — заснавальніца новага жыцця, і пакуль яна ў няволі, пакуль яна не свабодная — новае жыццё не можа нарадзіцца!
Warszawa, Hoża 41, lok. 2
26.01.25 с 11:00 да 20:00